Чаму «вайна пачалася ў Берасьці», калі БССР была далей за Беласток
Беластоцкая трагедыя, паводле Катлярчука, — найменш вывучаная старонка першых дзён вайны. Пра яе сталі казаць пасьля распаду СССР. На сайтах пошуку сваякоў, якія зьніклі падчас вайны, Катлярчук часта сустракаў допісы накшталт «дзед зьнік пад Ломжай», «дзед зьнік пад Аўгуставам». Чаму тая трагедыя замоўчвалася? «Гэта псавала гераічны міт вайны, дзе адны перамогі. Калі б пра гэта казалі ў савецкія часы, то давялося б тлумачыць, як так, што тэрыторыя СССР і БССР, якая да вайны была наша, ужо ня наша. Савецкая канцэпцыя „чужой зямлі ня трэба, сваёй не аддамо“ тут не спрацоўвала. Таму гэты кавалак вайны цалкам зьнік у савецкі час».