Уладзімір Арлоў
Гарады і мястэчкі нашых прадзедаў
Сталіцу нашай першай дзяржавы — Полацкага княства, а затым — у Вялікім Княстве Літоўскім — сталіцу Полацкага ваяводства каланізатары ператварылі ў павятовы горад. Праўда, пра яго былую веліч нагадвалі шматлікія храмы і манастыры. Адзін з замежных падарожнікаў, мастак паводле прафесіі, параўнаў той Полацак з італьянскімі гарадамі і адзначыў, што тут забываеш, што ты не ў сталіцы.
На Дзвіне ад раніцы да вечара мільгацелі лодкі з ветразямі і вёсламі. Штодня ўніз па рацэ ўбок Рыгі праходзілі дзясяткі даўжэзных плытоў. Людзі на вуліцах — беларускія сяляне і шляхцічы, імперскае чынавенства і габрэйскія гандляры ды рамеснікі — былі ў розных уборах, прычым кожны гаварыў на сваёй мове. Саборы святой Сафіі і святога Стэфана так уразілі заезджага мастака лёгкасцю і вытанчанасцю архітэктуры, што ён быў гатовы паверыць нечым словам, нібыта гэтыя храмы пабудаваныя па малюнках італьянца Мікеланджэла...