Опса


Загадкі беларускай гісторыі. Опса: гісторыя мястэчка на Браслаўшчыне, якое кароль Панятоўскі падарыў італьянцу

Опса – старажытнае мястэчка на Браслаўшчыне – азёрны краі, непадалёк мяжы з Літвой. Калі прытрымлівацца версіі пра балцкую этымалогію назвы Опса, то яна азначае ўзбярэжжа ці проста плыткае месца. Што не дзіўна, бо побач акурат знаходзіцца аднайменнае возера. Знойдзены побач курганны могільнік ІХ – першай паловы ХІ ст., сведчыць пра тое, што паселішча тут існавала ўжо ў раннім сярэднявеччы. Пакінулі яго носьбіты культуры, якую археолагі называюць культурай смаленска-полацкіх доўгіх курганоў. Гэта азначае, што тут жылі крывічы. Цікава, што частка пахаванняў праведзена па язычніцкаму абраду целаспалення, ці крэмацыі, а больш познія – ужо паводле новага хрысціянскага абраду целапалажэння – інгумацыі. Упершыню ў пісьмовых крыніцах Опса згадваецца ў 1500 г. Вялікі князь Аляксандр Казіміравіч аддаў у часовае карыстанне двор, г.зн. маёнтак Опса смаленскаму князю, землі якога захапілі маскоўскія войскі – якраз ішла вайна з Масквой. Паводле адміністрацыйнай рэформы ў Вялікім княстве Літоўскім 1565–1566 гадоў, яно ўваходзіла ў Браслаўскі павет Віленскага ваяводства. Вялікі князь здаваў маёнтак у арэнду шляхецкім родам, якія неслі дзяржаўную службу. У XVIII ст. апошні вялікі князь і кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі прыстроіў тут сваю фаварытку. Расея заняла Опсу пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай ў 1795 г. і ўключыла ў Ковенскую губерню.